САМАДЗЕ́ЙНАЕ ВЫЯЎЛЕ́НЧАЕ І ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,
аматарская творчасць у галіне жывапісу, скульптуры, графікі і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Займае важнае месца ў духоўным развіцці грамадства як структурны элемент маст: культуры і сродак далучэння да яе шырокіх слаёў насельніцтва; эфектыўная форма фарміравання гарманічна развітой асобы. У адрозненне ад прафес.маст. творчасці менш звязана з маст.-вобразнымі і стылістычнымі традыцыямі эпохі, агульнапрынятымі, гістарычна сфарміраванымі канонамі; спалучае маст. формы фальклору, нар. і прафес. мастацтва. Існуе ў арганізаваных (студыі, клубы, гурткі пры палацах і дамах культуры, дамах рамёстваў, навуч. установах і інш.) і неарганізаваных формах.
На Беларусі найб. масавы характар набыло ў 1920-я г. У першыя гады сав. улады гурткі і студыі мелі пераважна агітацыйна-прапагандысцкую накіраванасць, ствараліся пры заводах і фабрыках, установах, часцях Чырв. Арміі. Многія мастакі-аматары ўдзельнічалі ў ажыццяўленні т.зв. Ленінскага плана манум. прапаганды, стваралі бюсты паліт. і грамадскіх дзеячаў, помнікі, якія ўслаўлялі свабодную працу, працавалі над афармленнем вуліц і плошчаў, агітпаяздоў, агітпараходаў, агітпавозак (агітпараход і агітпоезд на Гомельшчыне ў 1919, мінскі агітпоезд на Віцебшчыне ў 1934). Значная работа вялася па наладжванні навуч. працэсу ў галіне самадз.выяўл. мастацтва. У Гомелі ў 1919—21 працавалі студыя выяўл. мастацтва імя М.Урубеля (сярод яе выхаванцаў нар. мастак Расіі Г.Ніскі), студыя пры Чангарскай кавалерыйскай дывізіі, студыя скульптуры пад кіраўніцтвам Ф.Валяро. У 1920-я г. створаны студыі выяўл. мастацтва ў Мінску, Оршы, Полацку, Гарадку. На выстаўцы твораў С.в. і д.-п.м. (1919) экспанаваліся работы рамеснікаў і мастакоў Бабруйска. У 1920—30-я г. развіваліся пераважна разьба па дрэве, аплікацыя саломкай, размалёўка, вышыўка, лозапляценне, кераміка. У 1936 у Мінску адбылася выстаўка работ самадз. мастакоў, у 1937 і 1938 — выстаўкі самадз. і нар.маст. творчасці. Іх развіццю садзейнічалі створаныя ў канцы 1930-х г. дамы нар. творчасці (з 1979 навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы).
У Вял.Айч. вайну самадз. мастакі Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў выданні і афармленні друкаваных і рукапісных падпольных перыядычных выданняў, змяшчалі ў іх партрэты нар. мсціўцаў, пейзажныя замалёўкі, сатыр. малюнкі. У канцы 1940-х—1950-я г. колькасць новых студый і гурткоў павялічылася, праводзіліся творчыя семінары самадз. мастакоў, актывізавалася выставачная дзейнасць. У 1947, 1952, 1959 адбыліся рэсп. выстаўкі самадз. і нар. мастацкай творчасці, у 1955 выстаўка на Дэкадзе бел. мастацтва і л-ры ў Маскве. Значнае месца ў творчасці мастакоў-аматараў займалі тэмы Вял.Айч. вайны, адраджэння нар. гаспадаркі, роднага краю. У 1960—70-я г. актывізавалася дзейнасць арганізацыйна-метадычных устаноў, створаны дамы маст. самадзейнасці (з 1978 дамы самадзейнай творчасці).
На развіццё С.в. і д.-п.м. на Беларусі значна паўплываў удзел самадз. мастакоў і майстроў дэкар.-прыкладнога мастацтва ў рэсп. і ўсесаюзных фестывальных выстаўках-конкурсах, прысвечаных розным знамянальным падзеям, рэсп. выстаўкі дзіцячай выяўл., дэкар.-прыкладной і тэхн. творчасці. Іх творчасці ўласцівы разнастайнасць манер і тэхніка-выканаўчых прыёмаў, актыўны пошук індывід. формы, шырыня жанрава-тэматычнага дыяпазону, паўната адлюстравання жыцця. У драўлянай скульптуры значнае месца займалі фалькл. матывы. Сярод вядомых майстроў С.в. і д.-п.м. Беларусі 1960—90-х г. І.Абравец, Т.Агафоненка, В.Альшэўскі, В.Аляксеенка, К.Арцёменка, Г.Асіпкова, Л.Бабровіч, П.Букасаў, В.Бусараў, С.Бык, Л.Галаенка, Н.Ганчарова, Г.Ганчаронак, П.Гатоўка, В.Гаўрылюк, Ф.Генкін, В.Гвоздзеў, П.Гольцаў, У.Гулякевіч, В.Дабраквашын, Ф.Дудо, М.Ерафееў, В.Жарнасек, І.Занковіч, М.Засінец, Л.Казачонак, С.Какшынскі, В.Кандраценка, І.Кішкурна, М.Корабаў, Дз.Крупеня, З.Ляйко, А.Міхеенка, М.Няхай, А.Пупко, В.Рудовіч, Л.Саланенка, В.Самойленка, С.Серак, Ф.Сухавіла, Дз.Сырамятнікаў, Б.Тарасенка, Л.Трахалёва, Дз.Цубер, С.Шаўроў, А.Шышанкоў і інш. У 1990-я г. ліквідаваны Рэсп. навукова-метадычныя цэнтры нар. творчасці і культурна-асветнай работы, у некат. раённых гарадах, гар. пасёлках, калгасах і саўгасах яны заменены дамамі (цэнтрамі) рамёстваў (на 2001 больш за 40). Лепшым самадз. студыям і клубам надаецца званне «народны» (гл.Народныя студыі і клубы выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва).
Р.Ф.Шаура.
Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Г.Асіпкова. Песня. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Бусараў. Ганчар. 1984.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.Засінец. Маці. 1976.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. С.Бык. Партрэты М.Багдановіча, Я.Коласа, Я.Купалы.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Л.Трахалёва. Дзот. 1989.Да арт.Самадзейнае выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. В.Жарнасек. У прадмесці Лепеля. 1978.